Інтэрнэт-аблігацыі Белаграпрамбанка - зручны сродак атрымання добрага прыбытку
З 1 лютага бягучага года Белаграпрамбанк распачаў размяшчэнне імянных аблігацый ААТ "Белаграпрамбанк" для фізічных асоб у бездакументарнай форме, продаж якіх ажыццяўляецца дыстанцыйным спосабам праз праграмны комплекс "Электронная гандлёвая пляцоўка" (распрацоўшчык - кампанія ТАА "Софтклуб").
Мы вырашылі даведацца ва Упраўленні каштоўных папер банка, што такое інтэрнэт-аблігацыя, які прыбытак яна можа прынесці свайму ўладальніку і як абыходзіцца з такой каштоўнай паперай. Расказвае начальнік аддзела ўласных каштоўных папер ААТ "Белаграпрамбанк" Вольга Кірычэнка.
- Інтэрнэт-аблігацыі - гэта імянныя аблігацыі банка, якія выпускаюцца ў бездакументарнай форме і рэалізуюцца дыстанцыйным чынам праз праграмны комплекс "Электронная гандлёвая пляцоўка". Улік правоў на такія аблігацыі вядзецца ў дэпазітарыі банка на рахунку "дэпо" ўладальніка аблігацыі, такім чынам каштоўная папера існуе ў выглядзе запісу па рахунку "дэпо" без яе ўвасаблення ў матэрыяльнай форме.
Набыццё інтэрнэт-аблігацый - гэта сучасны і выгадны спосаб інвеставання сродкаў. Сапраўды, набыццё аблігацый у рэжыме анлайн - гэта сучасна, вельмі камфортна і выгадна. Адной з пераваг інтэрнэт-аблігацый для кліента з'яўляецца тое, што яны выпускаюцца ў бездакументарнай форме, таму не могуць быць скрадзеныя, сапсаваныя або згубленыя. А набыць іх можна не выходзячы з дому з персанальнага камп'ютара. Таксама ў вас няма неабходнасці наведваць банк і для атрымання даходу і сумы пагашэння: выплаты ажыццяўляюцца ў вызначаныя эмісійнымі дакументамі даты на бягучыя (разліковыя) банкаўскія рахункі ўладальнікаў аблігацый.
Апрача таго, пры разліках па здзелках з аблігацыямі і выплаце належных сум кліентам выкарыстоўваюцца бягучыя рахункі, што больш бяспечна ў параўнанні з аперацыямі з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.
У сувязі з тым, што інтэрнэт-аблігацыі - гэта анлайн-прадукт, адсутнічаюць затраты па забеспячэнні іх захоўвання. Сярод фінансавых пераваг такіх аблігацый - адсутнасць камісій пры ажыццяўленні здзелак, пры адкрыцці рахунку "дэпо", бягучага рахунку. А ў адпаведнасці з заканадаўствам атрыманы па аблігацыях прыбытак не абкладаецца падаходным падаткам.
Інтэрнэт-аблігацыі можа выпусціць любая юрыдычная асоба, якая адпавядае патрабаванням заканадаўства па каштоўных паперах для эмітэнта аблігацый і валодае тэхнічнай магчымасцю для іх размяшчэння. Катэгорыя інвестараў вызначаецца эмісійнымі дакументамі, гэта могуць быць як юрыдычныя, так і фізічныя асобы.
З банкаў дыстанцыйнае размяшчэнне аблігацый праз ЭГП на сёння ажыццяўляе толькі Белаграпрамбанк. ЭГП - гэта ўнікальны праграмны комплекс, які не мае аналагаў, забяспечвае ажыццяўленне ўсіх аперацый па набыцці аблігацый у рэжыме анлайн. Працэс набыцця аблігацый ад націскання кнопкі "Здзелка" да залічэння каштоўных папер на рахунак "дэпо" яго ўладальніка займае ўсяго некалькі секундаў.
Інтэрнэт-аблігацыі нашага банка прызначаны для размяшчэння сярод фізічных асоб, як рэзідэнтаў, так і нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь. Ахвочым купіць інтэрнэт-аблігацыю Белаграпрамбанка неабходна быць кліентам банка і мець адзін з дзейных прадуктаў банка - бягучы рахунак, доступ да якога забяспечаны з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі, дэпазітарны рахунак або крэдытны дагавор.
Выпускі інтэрнэт-аблігацый з'яўляюцца працэнтнымі з перыядычнай выплатай фіксаванага прыбытку. Фізічная асоба, якая ажыццявіла набыццё аблігацый банка, атрымае даход, вызначаны эмісійнымі дакументамі. Па 239-м выпуску, тэрмін абароту якіх складае 94 дні, - 18,91% гадавых, па 240-м выпуску, тэрмін абароту якога складае 184 дні, - 15% гадавых.
Перад праходжаннем працэдуры рэгістрацыі ў ЭГП неабходна адкрыць бягучы рахунак ў банку праз сістэму "Інтэрнэт-банкінг" і папоўніць сумай грашовых сродкаў, неабходнай для набыцця аблігацый. Папаўненне бягучага рахунку магчыма любым з даступных спосабаў: сістэма "Інтэрнэт-банкінг", банкамат, інфакіёск, офіс банка. У прыладах самаабслугоўвання (банкамат, інфакіёск) папоўніць рахунак можна толькі з выкарыстаннем банкаўскай плацежнай карткі. Фізічныя асобы, у якіх адсутнічае банкаўская плацежная картка банка, могуць папоўніць дадзены рахунак праз АРІП.
Далей трэба з персанальнага камп'ютара перайсці па спасылцы https://etp.belapb.by і прайсці рэгістрацыю. Згаданая спасылка таксама размешчана на сайце банка ў раздзеле "Дыстанцыйнае абслугоўванне і ў сістэме "Інтэрнэт-банкінг" банка".
Пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі неабходна адкрыць рахунак "дэпо" (у выпадку яго адсутнасці) праз ЭГП і пазначыць бягучы рахунак, які будзе скарыстаны пры разліках і выплатах.
Цяпер можна выбіраць цікавы вам выпуск аблігацый і ажыццяўляць пакупку.
Давайце пройдзем гэтыя крокі разам і пераканаемся, што стаць уладальнікам інтэрнэт-аблігацый Белаграпрамбанка проста.
У інтэрнэт-банкінгу Белаграпрамбанка трэба адкрыць бягучы рахунак для разлікаў па здзелках і атрымання выплат па аблігацыях.
Далей неабходна перайсці па спасылцы https://etp.belapb.by і прайсці працэдуру рэгістрацыі ў ПК «Электронная гандлёвая пляцоўка».
Вы можаце згенерыраваць лагін і пароль або прыдумаць свой. Апрача лагіна і пароля, пры рэгістрацыі на ЭГП абавязкова трэба ўвесці свой асабісты нумар пашпарта (не забывайцеся, што літары пішуцца лацінкай!). Далей сістэма прапануе азнаёміцца з Правіламі ажыццяўлення здзелак з каштоўнымі паперамі праз праграмны комплекс "Электронная гандлёвая пляцоўка банкаў".
Для ідэнтыфікацыі кліента неабходна ўвесці нумар любога дзейнага дагавора з банкам (бягучы рахунак, бягучы рахунак, доступ да якога забяспечаны з выкарыстаннем плацежнай карткі, дэпазітны рахунак, крэдытны дагавор).
Уводзіце яго ў акенцы "Нумар дагавора" і ажыццяўляеце запыт рэгістрацыі. Пасля гэтага на Ваш нумар мабільнага тэлефона прыйдзе SMS-код, які неабходна будзе ўвесці ў спецыяльна прадугледжаным полі. Далей пераходзім да рэгістрацыі. Калі аперацыя праведзена паспяхова, з'явіцца ўсплываючае паведамленне "Карыстальнік паспяхова зарэгістраваны", Пасля паспяховай рэгістрацыі на свой адрас электроннай пошты Вы атрымаеце паведамленне, якое змяшчае дадзеныя для ўваходу ў ЭГП.
Пасля праходжання працэдуры рэгістрацыі адкрываецца галоўнае акно, у якім Вы ўбачыце некалькі ўкладак (поле злева).
Ва ўкладцы "Дапамога" Вы зможаце знайсці Дапаможнік карыстальніка, кантактны нумар і рэжым працы службы падтрымкі.
У раздзеле "Налады" Вы зможаце дадаваць або змяняць бягучыя рахункі, якія адкрылі раней для разлікаў па аблігацыях.
Нагадаем, для таго, каб ажыццявіць здзелку ў ЭГП, у Вас абавязкова павінен быць адкрыты бягучы рахунак праз сістэму "Інтэрнэт-банкінг" банка.
Бягучы рахунак адкрываецца толькі ў беларускіх рублях.
Яго неабходна прывязаць да пэўнай аперацыі - пакупкі аблігацый, налічэння працэнтаў, пагашэння аблігацый. Для гэтага неабходна выбраць з усплываючага спіса валюту рахунку (BYN), нумар рахунку.
Далей неабходна адкрыць рахунак "дэпо" ў Дэпазітарыі банка (у выпадку яго адстутнасці).
Для гэтага заходзіце ў "Гандлёвую сістэму", у раздзел "Каштоўныя паперы" - "Мае каштоўныя паперы", дзе націскаеце кнопку "Адкрыць рахунак дэпо".
Правяраеце на карэктнасць дадзеныя пра сябе, націскаеце "Працягнуць", пацвярджаеце аперацыю атрыманым на нумар мабільнага тэлефона SMS-кодам - і рахунак "дэпо" адкрыты.
У раздзеле "Тыкеры" Вы ўбачыце ўсе выпускі аблігацый, даступныя да набыцця.
Для зручнасці працы з "Тыкерамі" іх можна перанесці ("перацягнуць" мышкай) на галоўнае акно, для адкрыцця якога трэба клікнуць на лагатып Белаграпрамбанка ў левым верхнім куце.
Таксама на галоўнае акно можна перанесці і іншую інфармацыю, напрыклад, графік "Рынак Каштоўных Папер".
Далей пераходзім непасрэдна да ажыццяўлення здзелкі па пакупцы аблігацый.
Для гэтага выбіраеце ва ўкладцы "Аб'ём" колькасць аблігацый, якую хочаце набыць. Адначасова адлюструецца сума мяркуемай здзелкі. Далей неабходна азнаёміцца з умовамі публічнай аферты і націснуць кнопку "Здзелка".
Увага! Кожная здзелка, аперацыя (!) пацвярджаецца ўводам кода, атрыманага праз SMS на Ваш нумар мабільнага тэлефона.
Пасля ажыццяўлення здзелкі ў раздзеле "Здзелкі" адлюстроўваецца інфармацыя пра кожную ажыццёўленую Вамі аперацыю па пакупцы аблігацый. У раздзеле "Здзелкі па Каштоўных Паперах" даступны дакумент, які сведчыць яе ажыццяўленне, які можна праглядзець, захаваць на свой камп'ютар або раздрукаваць.
У выпадку ўзнікнення пытанняў у працэсе працы з ЭГП Вы можаце кантактаваць з банкам не толькі па тэлефоне службы падтрымкі, але і праз укладку "Паведамленні".
Націснуўшы кнопку "Стварыць паведамленне", можаце задаць любое пытанне аператару (супрацоўніку Кантакт-цэнтра) або дыспетчару. У паведамленні трэба максімальна падрабязна апісаць паўсталую праблему або максімальна патлумачыць, якую інфармацыю Вы хочаце атрымаць. У гэты ж раздзел Вам будуць прыходзіць паведамленні пра статус здзелкі.
Абмежаванняў па колькасці набыцця аблігацый на ЭГП няма. Размяшчэнне ажыццяўляецца ў рамках вызначанага эмісійнымі дакументамі аб'ёму выпуску аблігацый адпаведнага выпуску. У цяперашні час банкам прапанаваныя да продажу 2 выпускі інтэрнэт-аблігацый. Тэрмін абароту 239-га выпуску – з 01.02.2021 па 06.05.2021, колькасць аблігацый – 50 000 шт., 240-га выпуску – з 08.02.2021 па 12.08.2021, колькасць аблігацый – 80 000 шт.
Даход кліента будзе залежаць ад даты набыцця аблігацый. Даход налічваецца з даты, наступнай за днём продажу аблігацый, па дату выплаты даходу (пагашэння) уключна.
Так, напрыклад, калі кліент 01.02.2021 набудзе 100 штук аблігацый 239-га выпуску па намінальным кошце, роўным 100 беларускім рублям, то даход за ўвесь перыяд абароту аблігацый складзе 487 бел. руб.
Улічваючы кароткія тэрміны абароту аблігацый, магчымасць прад'яўлення да датэрміновага пагашэння аблігацый кліентам па дадзеных выпусках не прадугледжана. Разам з тым, не абмежаваны другасны абарот дадзеных выпускаў, магчыма ажыццяўленне здзелак паміж фізічнымі асобамі як на неарганізаваным (пазабіржавым) рынку, так і на арганізаваным (біржавым) праз гандлёвую сістэму ААТ "Беларуская валютна-фондавая біржа" з выкарыстаннем паслуг брокера - прафесійнага ўдзельніка рынку каштоўных папер.
Пакупка аблігацый Белаграпрамбанка з'яўляецца вельмі надзейным укладаннем сродкаў. Белаграпрамбанк з'яўляецца адным з сістэматворных і найбуйнейшых банкаў краіны, выступае ў якасці эмітэнта аблігацый з 2006 года. За перыяд з 2006 года па цяперашні час банк ажыццявіў эмісію 240 выпускаў аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб. За згаданы перыяд банк выканаў свае абавязацельствы яе эмітэнт без парушэння тэрмінаў, вызначаных эмісійнымі дакументамі. Эмісія інтэрнэт-аблігацый здзейснена з датрыманнем патрабаванняў заканадаўства па каштоўных паперах у рамках нарматыўнага капіталу банка.
З пазіцыі электроннай бяспекі нашы кліенты могуць быць абсалютна спакойныя за канфідэнцыйнасць дадзеных і бяспеку ажыццяўлення аперацый на ЭГП. Электронная гандлёвая пляцоўка - вельмі надзейная сістэма, дзе абарона дадзеных ажыццёўлена з выкарыстаннем самых сучасных тэхналогій і пратаколаў. Доступ да ЭГП ажыццяўляецца з праходжаннем мнагафактарнай аўтэнтыфікацыі і выключае магчымасць несанкцыянаванага доступу да дадзеных кліентаў і ажыццяўлення здзелак.
І яшчэ раз падкрэслю, што асноўныя плюсы інтэрнэт-аблігацый - гэта зручнасць, прастата, надзейнасць, бяспека, добры даход, адсутнасць падаткаабкладання.