У Белаграпрамбанку прэзентавалі кнігу «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент»
6 чэрвеня ў Цэнтральным апараце Белаграпрамбанка адбылася прэзентацыя фундаментальнага выдання «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент», створанага пры фінансавай падтрымцы банка. Мерапрыемства прайшло ў фармаце творчай сустрэчы аўтараў кнігі з супрацоўнікамі фінансавай установы.
Гісторыя выдання кнігі «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент» – першай у Беларусі фундаментальнай працы аб беларускай эстрадзе – пачалася яшчэ ў 2017 годзе, калі аўтарам, вядомым беларускім музыказнаўцам Вольгай Брылон ужо быў сабраны і падрыхтаваны да друку практычна ўвесь матэрыял, але не хапала сродкаў для выдання кнігі. Тады ўзнікла ідэя звярнуцца ў Белаграпрамбанк з просьбай аб фінансавай дапамозе - і банк падтрымаў яркі праект. У 2021 годзе кніга выйшла ў свет і заняла пачэснае месца ў шэрагу манументальных работ па захаванні культурнай спадчыны нашай краіны.
«Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент» – унікальнае выданне, своеасаблівая энцыклапедыя беларускага эстраднага мастацтва XX стагоддзя. У ім упершыню зроблена спроба маштабнага даследавання феномена нацыянальнай эстрады Беларусі. Тут падрабязна расказана аб станаўленні, развіцці і росквіце айчыннай савецкай эстрады, апісаны асаблівасці шматлікіх эстрадна-сцэнічных жанраў. Але, мабыць, асноўная каштоўнасць кнігі ў тым, што ў ёй прадстаўлена найбагацейшая галерэя вобразаў таленавітых беларускіх артыстаў, музыкантаў, дзеячаў культуры. У кнізе выкарыстана больш за 1800 фатаграфій, афіш, праграм і іншых архіўных дакументаў, якія маюць вялікую каштоўнасць для беларускай культуры.
Важнае месца ў выданні адведзена творчасці легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля Беларусі "Песняры" і вялікага беларускага артыста, спевака, выканаўцы, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.
Сустрэча аўтараў кнігі і супрацоўнікаў банка прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы ў фармаце творчай сустрэчы. Гасцямі банка сталі аўтары кнігі – музыказнаўца Вольга Брылон, музыка, арт-менеджэр, генеральны прадзюсер выдання "Беларуская эстрада" Марына Мулявіна (дачка Уладзіміра Мулявіна), артыст ансамбля "Песняры", музыка, заслужаны артыст БССР, адзін з заснавальнікаў і ўдзельнікаў ВІА " Песняры» Уладзіслаў Місевіч. Яны прадставілі творчасць легендарнага беларускага ансамбля.
У сваю чаргу, супрацоўнікі банка падрыхтавалі і выканалі музычныя творы з рэпертуару «Песняроў».
Таксама ў актавай зале банка сумесна з музеем У.Р.Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі была арганізавана выстава «Ноты памяці», прысвечаная творчасці «Песняроў». У экспазіцыі былі прадстаўлены фотаматэрыялы, дакументы, кнігі, музычныя інструменты, сцэнічныя касцюмы, рэчы з асабістага архіва дачкі Уладзіміра Мулявіна - Марыны
Выстаўка «Ноты памяці», прысвечаная творчасці «Песняроў» і Уладзіміра Мулявіна (Цэнтральны апарат Белаграпрамбанка)
Прывітаўшы і падзякаваўшы гасцям банка і ўсім прысутным у зале за арганізацыю творчай сустрэчы, Павел Васілеўскі, Першы намеснік Старшыні Праўлення ААТ «Белаграпрамбанк», у сваёй прамове адзначыў:
– Белаграпрамбанк у 2021 годзе прыняў для сябе рашэнне паўдзельнічаць у вельмі незвычайным праекце – фінансавай падтрымцы выдання кнігі «Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент». Мы натхніліся ідэяй аўтараў кнігі, якія шырока развілі тэму айчыннай эстрады, яе ўнікальнасці і вялікага культурнага значэння для Беларусі, і падтрымалі праект. Дзякуючы энтузіязму і вялізнай працы аўтараў сёння мы маем сапраўдную энцыклапедыю беларускай эстрады, якая прайшла незабыўны шлях і прадставіла свету многіх таленавітых артыстаў, творчыя калектывы, якія праславілі Беларусь на прасторах Савецкага Саюза і далёка за яго межамі.
Музыкант, арт-менеджэр Марына Мулявіна, выказваючы вялікую падзяку Белаграпрамбанку за фінансавую падтрымку выдання кнігі, падкрэсліла, што гэта работа дасць магчымасць чытачам, якія цікавяцца культурай Беларусі, даведацца пра гісторыю дзіўных таленавітых людзей, артыстаў, спевакоў, мастакоў, танцоўшчыкаў, творчых калектываў, якія працавалі ў сферы Белдзяржэстрады.
- Безумоўна, ідэя прэзентацыі кнігі ў банку ўзнікла натуральна, бо ў садружнасці з банкам яна і з'явілася. Мы вельмі рады, што Белаграпрамбанк адгукнуцца на нашу просьбу і той пласт працы, які быў праведзены даследчыкамі, увасобіўся ў маштабную, значную і карысную працу, - акцэнтавала на сустрэчы Марына Мулявіна.
Банк выказвае падзяку аўтарам кнігі за іх тытанічную працу і магчымасць далучыцца да высокіх культурных традыцый Беларусі.