Вызначаны фіналісты конкурсу Белаграпрамбанка «АГРА 3.0»
Вызначаны фіналісты Рэспубліканскага адукацыйнага конкурсу ААТ "Белаграпрамбанк" па падтрымцы і развіцці моладзевага прадпрымальніцтва «АГРА 3.0».
Журы конкурсу праведзена маштабная праца па вызначэнні найлепшых моладзевых ідэй з парадку 200 прэзентацый у дзвюх намінацыях "Найлепшае кейс-рашэнне" і "Найлепшая бізнес-ідэя", у выніку якой у фінал выйшла 30 праектаў па шасці катэгорыях:
- "Сельская гаспадарка" і фермерства";
- "Сфера паслуг";
- "Сацыяльнае прадпрымальніцтва";
- "Інавацыйны банкаўскі сэрвіс, новы банкаўскі прадукт";
- "Экалогія";
- "Лічбавізацыя бізнесу".
У фінал конкурсу ўвайшлі як каманды студэнтаў устаноў адукацыі, так і індывідуальныя ўдзельнікі з ліку моладзі ва ўзросце да 31 года.
Прыемна адзначыць, што сярод фіналістаў ёсць каманды, якія ўдзельнічалі ў кейс-чэмпіянаце "АГРА 2.0", які ладзіўся банкам у 2020 годзе. Члены дадзеных камандаў могуць упэўнена ўключаць у свае рэзюмэ ўдзел у дадзеных праектах, што будзе пацвярджаць іх ініцыятыўнасць, уменне паглыбляцца ў праблемы і нават практычнае знаёмства з рознымі кірункамі бізнесу ў краіне.
Разнастайнасць кейс-заданняў прыемна здзіўляе. Ёсць заданні па распрацоўцы сайта, па прасоўванні паслуг у сацыяльных сетках. Хвалюе кліентаў і пытанне: як павялічыць прырост рагатай жывёлы для задавальнення попыту на рынку? Цэлы шэраг кейс-заданняў прысвечаны вырошчванню буякоў і іншай ягады ў гаспадарках, іх збыту, захоўванню.
Вылучаюцца на фоне іншых кейс-заданні па стварэнні дома састарэлых, па арганізацыі гатавання і дастаўкі правільнага харчавання на дом, утылізацыі камунальных і вытворчых адходаў горада, перапрацоўцы ўжываных ПЭТ-бутэлек, адкрыццю крэматорыя.
Бізнес-ідэі актыўна вядуць бізнес-асяроддзе па шляху дыджыталізацыі, што пацвярджаецца распрацоўкай разнастайных мабільных прыкладанняў. Папулярнай аказалася і катэгорыя "Экалогія" з масай ідэй, накіраваных на стварэнне экалагічна чыстых прадуктаў, перапрацоўку пластыку і інш.
11 чэрвеня 2021 года адбудзецца фінал конкурсу ў фармаце анлайн-марафону.
Да гэтага часу ўдзельнікі, якія выйшлі ў фінал, мусяць падрыхтаваць відэапрэзентацыю сваіх праектаў.
"Пасля ўдзелу ў папярэднім конкурсе Белаграпрамбанка "АГРА 2.0" мы атрымалі якасную зваротную сувязь і вялікі вопыт, - падзяліўся Уладзіслаў Ляшчынскі, прадстаўнік каманды «Technology of success», студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. - Калі мы пабачылі навіну пра правядзенне конкурсу "АГРА 3.0", не было ніякіх сумневаў, што мы будзем удзельнічаць. У фінале чакаем канкурэнтнай і цікавай барацьбы і верым, што наша кейс-рашэнне будзе высока ацэнена сябрамі журы, бо мы яго старанна прапрацавалі".
Ацэньваць працы ў фінале будзе новы склад журы з ліку вядучых, на думку Белаграпрамбанка, экспертаў у розных сферах: ад банкаўскага бізнесу да сферы паслуг.
Варта адзначыць, што на розных этапах конкурсу склады журы адрозніваюцца - такі падыход дазваляе праектам прайсці праз грунтоўны "фільтр" экспертнай ацэнкі.
Нагадваем, што барацьба ў конкурсе ідзе за галоўныя прызы: у намінацыі "Найлепшае кейс-рашэнне" - 5 000 беларускіх рублёў, намінацыя "Найлепшая бізнес-ідэя" - 15 000 беларускіх рублёў.
Кожны ўдзельнік конкурсу, які не прайшоў у фінал, атрымае адпаведны сертыфікат, а таксама падарунак - спасылку на навучальныя электронныя курсы, якія паспяхова дапоўняць веды, атрыманыя ў часе кансультацыйных сустрэч, арганізаваных у рамках конкурсу "АГРА 3.0", з удзелам цікавых спікераў - прадстаўнікоў бізнесу, бізнес-трэнераў. Дадзеныя сустрэчы ладзяцца на базе Цэнтра прыцягнення Белаграпрамбанка «Igrow».
Выказваем удзячнасць усім удзельнікам, кіраўнікам камандаў за ініцыятыўнасць, інтарэс да адукацыйных праектаў банка, імкненне данесці свежыя ідэі да бізнес-асяроддзя краіны!
А фіналістам конкурсу "АГРА 3.0" жадаем прыкласці максімум намаганняў і годна выступіць у заключным этапе конкурсу.